Беспрацоўе ўяўляе сабою складаную, шматаспектную, сацыяльна-эканамічнаю з'яву, калі частка эканамічна актыўнага насельніцтва не занятая ў грамадскай вытворчасці тавараў і паслуг, не можа рэалізаваць свае фізічныя і разумовыя здольнасці пры дапамозе рынку працы.
Занятасць насельніцтва складае неабходную ўмову для яго ўзнаўлення, бо ад яе залежыць узровень жыцця людзей.
Праблема вачыма ўлады або нязначная частка вяршка айсберга.
Кіраўніцтва Бабруйска робячы справаздачу аб выніках сацыяльна - эканамічнага развіцця горада за 2007 год. з гонарам адзначыла, што за 2007 год узровень беспрацоўя ў Бабруйску знізіўся з 1,6% да 1,2%. Такія паказчыкі - адны з самых нізкіх у Еўропе. Да прыкладу - у Нямеччыне 8,8% беспрацоўных.
У вышэй згаданым дакуменце адзначаецца, што ў 2007 году на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада створаны новыя працоўныя месцы для працаўладкавання 4653 чалавек. На сталую працу працаўладкаваны 3841 беспрацоўны. )
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бабруйскага гарвыканкама Н. Казакова ў інтэрв'ю газеце «Коммерческий курьер», адзначыла: «На 1 красавіка 2008 узровень беспрацоўя падняўся да - 1,5 адсотка. У першым квартале 2008 года працаўладкаваны 1138 чалавек, у тым ліку 994 беспрацоўных, 191 чалавек накіраваны на перападрыхтоўку, 14 чалавек ужо атрымалі субсідыі для адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці, два чалавека пераселеныя ў сельскую мясцовасць на новае месца жыхарства, 19 чалавек накіраваныя на працу ў рамках моладзевай практыкі. Гэта праца часовая, але якая дае перспектыву застацца на працоўным месцы стала».(Коммерческий курьер №15 (1470). 9 апреля 2008)
Такім чынам атрымоўваецца досыць прыгожая карціна, якая не мае нічога агульнага з сапраўдным становішчам на рынку працы нашага горада. Справа тут у беларускай статыстыцы, якая не адпавядае міжнародным стандартам, паколькі заснавана на рэгістрацыі тых, хто прыйшоў у службу занятасці і стаў на ўлік. Таму мы бачым толькі нязначную частку вяршка айсберга.
Колькі бабруйчан не задзейнічаны ў эканоміцы горада?
Паводле афіцыйнай статыстыкі працаздольнае насельніцтва Бабруйска складае 143,2 тыс. чалавек . У выдадзенай да "Дажынак" кнізе аб Бабруйску адзначаецца, што ў галінах эканомікі горада занята 72305 чалавек, у тым ліку ў прамысловасці 39,6 тыс. чалавек (Бобруйск. Мн., 2006. С. 37). На 1 студзеня 2008 г. на ўліку знаходзілась 5,6 тыс. беспрацоўных. Такім чынам вымалёўваецца досыць непрывабная карціна.

Такім чынам 65295 працаздольных жыхароў Бабруйска не задзейнічаныя ў эканоміцы горада.
Так куды ж дзяюцца працаздольныя жыхары нашага горада? Адказ відавочны - адны задзейнічаныя ў шэрым бізнэсе (працуюць без афармлення працоўных адносін) іншыя ездзяць на сезонныя працы ў Расійскую Федэрацыю і ў Еўропу. (Па афіцыйных дадзеных расійскага мінстата, штогод у Расіі працуе 800 тыс. грамадзян Беларусі, а па неафіцыйных дадзеных - да 2 мільёнаў. Нават афіцыйныя органы пацвярджаюць наяўнасць да 1 млн. беларускіх працоўных мігрантаў у блізкім і далёкім замежжы.), а некаторыя па перакананнях не жадаюць працаваць.
Акрамя гэтага ў нашай краіне існуе такое паняцце, як змушаная няпоўная занятасць. Гэта калі чалавек , накшталт, які дзесьці лічыцца, а на працу выходзіць 2 - 3 разы ў тыдзень або не на поўны дзень.
Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая ўплывае на тое, што людзі не спяшаюцца станавіцца на ўлік у службу занятасці. Маецца на ўвазе памер пасобія па беспрацоўі. У развітых краінах сацыяльная дапамога беспрацоўным з'яўляецца часткай агульнага пакета сацыяльнай дапамогі, і ў рэгістрацыі ў службе занятасці людзі зацікаўленыя эканамічна.
Для параўнання: у Нямеччыне пасобіе па беспрацоўі - гэта прыкладна 60% апошняга заробку, плаціцца ў залежнасці ад узросту. Акрамя таго, прадугледжаны шэраг сацыяльных ільгот для тых, хто пазбаўлены працы.
У Беларусі сярэдні памер пасобія па беспрацоўі - 46,5 тысячы рублёў. Акрамя таго, што беспрацоўны абавязаны перыядычна з'яўляцца ў службу занятасці, то яшчэ ён павінен выконваць грамадскія працы. Так, да аплачваемых грамадскіх прац за 2007 год у Бабруйску прыцягваліся 2613 чалавека, у тым ліку 2037 беспрацоўных. На гэтых грамадскіх працах бабруйчане зарабляюць у дзень 10-15 тысяч рублёў. (Коммерческий курьер №15 (1470). 9 апреля 2008)
Страх страціць працу.
У міжнароднай практыцы колькасць беспрацоўных вызначаецца не толькі зыходзячы з тых, хто знаходзіцца на ўліку, але і ў выніку сацыялагічных апытанняў. У Беларусі гэтыя дадзеныя не публікуюцца.
У адпаведнасці з апошнім апытаннем НИСЭПИ, праведзеным 3-13 сакавіка 2008 года. (апытана 1531 чал., памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 0.03). На пытанне: Чаго Вы асцерагаецеся сёння больш за ўсё? - 25,9 адсоткаў рэспандэнтаў адказалі: страты працы, а 46,2: галечы.
У тым жа апытанні на пытанне: “Ці магчымыя, па Вашым меркаванні, у 2008 годзе. наступныя падзеі ў Беларусі?” - 49 адсоткаў апытаных лічаць магчымым: масавае беспрацоўе, рост коштаў і згаленне насельніцтва. Відавочна, што жыхары Беларусі, якія працуюць не толькі баяцца страціць працу, але і лічаць гэта цалкам рэальным.
Як гарадскія ўлады вырашаюць праблему беспрацоўя?
1. Субсідыі
Сёлета дзяржаўныя субсідыі атрымалі 14 беспрацоўных бабруйчан пад арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці ў галіне аўтаперавозак, будаўнічых прац, пад рознічны гандаль. Ім аказаная фінансавая дапамога з фонду сацыяльнай абароны. Гэта не вялікія грашовыя сумы і верагоднасць таго, што гэтыя былыя беспрацоўныя стануць прадпрымальнікамі вельмі малая.
2. Перакваліфікацыя.
Людзям якія звярнуліся ў Цэнтр занятасці прапаноўваюць атрымаць спецыяльнасць якая сёння запатрабаваная. У асноўным гэта будаўнічыя спецыяльнасці: абліцоўшчык-плітачнік, маляр-тынкоўшчык, муляр, электрагазазваршчык, токар і іншыя. Новыя спецыяльнасці беспрацоўныя атрымоўваюць у прафесійна-тэхнічнай вучэльні нафтахіміі № 95, аграрна-эканамічным, тэхналагічным і машынабудаўнічым каледжах. Бабруйскі філіял БДЭУ дае магчымасць атрымаць спецыяльнасці сакратара-рэферэнта, аператара ПЭВМ з веданнем бухгалтарскага ўліку. У Гомелі рыхтуюць пад замову наймальнікаў машыністаў маставых і казловых кранаў.
3. Змена месца жыхарства.
У бабруйскім Цэнтры занятасці ёсць інфармацыя аб наяўнасці вакансій і жылля па ўсёй краіне. Аднак у асноўным гэта сельская мясцовасць, дзе апошнія гады назіраецца хранічны недахоп працоўных рук.
Структура прамысловай вытворчасці Бабруйска і рынак працы.
За апошнія гады змянілася структура прамысловай вытворчасці Бабруйска. Калі некалькі гадоў таму назад яна выглядала наступным чынам.
.jpg)
То на канец 2007 года наш горад меў такую структуру прамысловай вытворчасці.

Відавочна памяншэнне вагі ў прамысловай вытворчасці дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай прамысловасці. За конт гэтага адбылося павелічэнне ўдзельнай вагі хімічнай прамысловасці, машынабудавання і металаапрацоўкі.
|
Галіны прамысловай вытворчасці г. Бабруйска |
Удзельная вага ў галіны прамысловай вытворчасці г. Бабруйска ў % |
Занятыя ў галінах прамысловай вытворчасці ў% |
|
Нафтахімічная прамысловасць |
67 |
43 |
|
Машынабудаванне і металаапрацоўка |
16 |
25 |
|
Харчовая прамысловасць |
8 |
8 |
|
Лясная і дрэваапрацоўчая прамысловасць |
5 |
12 |
|
Лёгкая прамысловасць |
3 |
8 |
|
Іншыя галіны |
2 |
4 |
Відавочна, што найболей дэпрэсіўнымі галінамі прамысловай вытворчасці ў Бабруйску з’яўляюцца, лёгкая і дрэваапрацоўчая прамысловасці. У 2007 году сярэдні заробак склалаў 722 тыс. рублёў, або 339 даляраў ЗША. Разам з тым, 33 суб'екта гаспадарання мелі узровень сярэднемесячнай зарплаты ніжэй 200 даляраў ЗША. Менавіта на прадпрыемствах лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, найболей нізкая сярэдняя заработная плата, а тут працуе 20% бабруйчан занятых у прамысловай вытворчасці. У выніку працоўная сіла курсуе паміж даўно наяўнымі і, увогуле, малаэфектыўнымі працоўнымі месцамі, захоўваючы тым самым структуру занятасці якая склалася. Таму Рынак працы Бабруйска ўяўляе сабою запаволены бег на месцы.
Цяперашняя сітуацыя характарызуецца нарастальнай дыферэнцыяцыяй па ўзроўні заработнай платы паміж сферамі (вытворчай і невытворчай), галінамі вытворчасці, і прадпрыемствамі.
Попыт і прапанова на рынку працы ў Бабруйску.
Самыя запатрабаванымі на сёння ў Бабруйску з'яўляюцца - інжынеры. Патрабуюцца інжынеры-энергетыкі, інжынеры-цеплатэхнікі, праграмісты. Запатрабаваныя добрыя юрысты. А вось бухгалтарамі і эканамістамі Бабруйск ужо насычаны.
Кожны год у Бабруйску з'яўляюцца сотні спецыялістаў, якія не з'яўляюцца спецыялістамі ў літаральным сэнсе гэтага слова. Спецыфіка рэгуляторнага асяродку ўстаноў адукацыі прыводзіць да таго, што пасля заканчэння інстытута ці каледжа малады спецыяліст не ведае нічога з таго, што патрабуе яго спецыяльнасць. Аднак юнацкі максімалізм і завышаныя чаканні дыктуюць патрабаванні па пачатковай зарплаце ў 300-400 даляраў. Яны накладваюцца на 35% сацыяльных падаткаў, неразвітасць прыватнага сектара, гаротны стан дзяржсектара і прыводзяць да таго, што частка моладзі рэгіструецца на біржы працы, паколькі працу па спецыяльнасці знайсці немагчыма.
Цяжэй усяго ў Бабруйску знайсці працу жанчынам. На сёння ў Цэнтры занятасці адсутнічаюць заяўкі нават на некваліфікаваную жаночую працу. Паступае максімум дзве заяўкі на ўборку тэрыторыі або службовых памяшканняў.
Адным з асноўных чыннікаў беспрацоўя ў Бабруйску з'яўляецца неадпаведнасць кваліфікацыі і ўзроўня прафесійнай падрыхтоўкі людзей, якія шукаюць працу, патрабаванням наймальнікаў.
Такім чынам асноўнымі праблемамі з боку прапановы працоўнай сілы з'яўляюцца:
• нізкі ўзровень кваліфікацыі працоўнай сілы;
• нізкая мабільнасць (першым чынам з-за праблем з жыллём і асабістым транспартам);
• слабыя сувязі паміж рынкам і сістэмай адукацыі.
Не эфектыўнасць стратэгіі ўлады па рэгуляванні рынку працы.
У цэлым, беспрацоўе - з'ява вечнае, яна ёсць і будзе заўсёды пры любых эканамічных і палітычных умовах арганізацыі вытворчасці.
Асноўная праблема ў тым, што рынак працы рэгулюецца не столькі эканамічнымі законамі, колькі мерамі адміністрацыйнага ўздзеяння.
З боку органаў мясцовай улады ў Бабруйску і па краіне ў цэлым усё зводзіцца да ўсталявання заданняў па стварэнні новых працоўных месцаў і падтрыманню наяўных. Гэта значыць замест таго каб ствараць эканамічныя ўмовы для з'яўлення новых працоўных месцаў (стымуляванне развіцця прадпрымальніцтва, спрашчэнне падаткаабкладання і інш.), адміністрацыйна задаюцца параметры іх захавання.
Варта адзначыць, што колькасць і якасць працоўных месцаў у эканоміцы фармуюцца пад уплывам макраэканамічных з'яў: сукупных прыбыткаў хатніх гаспадарак, прадпрыемстваў, дзяржавы і інвестыцыйнай актыўнасці ў краіне. Таму адміністрацыйныя заданні па стварэнні новых працоўных месцаў або захаванню дзеючых аказваюцца, як правіла, малаэфектыўнымі. Такія працоўныя месцы будуць проста непрывабнымі ў вачах працаўнікоў (з-за нізкай заработнай платы) і эканамічна немэтазгоднымі для працадаўцаў, большасць з якіх на дадзены момант, наадварот, зацікаўленыя ў скарачэнні персанала.
Пераход на рынкавыя механізмы рэгулявання рынку працы.
Як і любы рынак, рынак працы рэгулюецца паводле законаў попыту і прапановы. Попыт на працоўную сілу ў Бабруйску сёння вызначаецца наступнымі фактарамі:
1. Экстэнсіўны шлях развіцця эканомікі.
Ступень зносу асноўных фондаў прадпрыемстваў Бабруйска складае каля 70% пры парогавым значэнні для эканамічнай бяспекі любога прадпрыемства ў 60%, што робіць выпусканую імі прадукцыю неканкурэнтаздольнай.
Адным з асноўных шляхоў выхаду прадпрыемстваў з крызісу з'яўляецца рэалізацыя на іх інвестыцыйных праектаў, накіраваных на ўкараненне новых тэхналогій і дыверсіфікаванне выпусканай прадукцыі. У развітых краінах для паніжэння сабекошту і абнаўленні асартыменту прадукцыі прадпрыемства пераабсталёўваецца кожныя 5-6 гадоў.,
2. Вельмі нізкая здольнасць прадпрыемстваў да фармавання новых працоўных месцаў,адсутнасць інвестыцыйнага клімату
Тут варта звярнуцца да досведу Чэхіі, якая ў эканамічным развіцці прайшла этап сацыялістычнай эканомікі, і яе дзеянні ў эканамічнай сферы могуць быць вельмі нам цікавыя. Галоўным у гэтым досведзе з'яўляецца - мэтанакіраваная праца па прыцягненні інвестыцыйнага капіталу пад цвёрдыя гарантыі захаванасці ўкладзеных сродкаў. Інвестар, які ўклаў у эканоміку больш 10 млн. даляраў, вызваляўся ад падаткаў на 10 гадоў, пры гэтым за кожнае створанае працоўнае месца івестар заахвочваўся сумай у памеры 100 даляраў. Доўгатэрміновае ўкладанне капіталу заахвочвалась іншымі дадатковымі палёгкамі - мытнымі, падатковымі, маёмаснымі і г.д.
3. Нізкая прадукцыйнасць працы.
Сярод прыбытковых прадпрыемстваў каля 30% маюць вельмі нізкі ўзровень рэнтабельнасці - усяго толькі да 5 адсоткаў.
Такім чынам асноўныя высілкі трэба накіраваць не на абмежаванне беспрацоўя якое расце, а на дапамогу нацыянальнай эканоміцы ў правядзенні эфектыўнай рэструктурызацыі вытворчасці і занятасці.