Мэдыкі патрабуюць вярнуць донарам бясплатны праезд
Бабруйскія й горацкія лекары шукаюць падтрымкі ў дэпутатаў мясцовых саветаў. Чаму яны клапоцяцца пра донараў, зь якімі ў рэгіёне праблемаў няма?
Галоўны лекар Бабруйскай занальнай станцыі пераліваньня крыві Людміла Ягорава спадзяецца, што дэпутаты сваім станоўчым рашэньнем прызнаюць заслугі донараў перад людзьмі й грамадзтвам:
– Гэта ўсё ж адзнака таго, што дзяржава думае пра гэтых людзей і з удзячнасьцю да іх ставіцца. Дарослыя людзі, як і дзеці: падзякаваў, ім ужо прыемна. Псыхаэмацыйны настрой будзе некалькі другога, ужо станоўчага парадку.
Паводле Людмілы Ягоравай, у Бабруйску няма гэткага заняпаду донарства, як напрыклад у Магілёве й іншых абласных цэнтрах. У чым прычына, мэдык не сказала.
Спадарыня Ягорава, сьцьвярджае, што ў іх чатыры тысячы актыўных донараў. Усяго ж на ўліку занальнай станцыі пераліваньня крыві васемнаццаць тысяч чалавек. Штогод бабруйчане здаюць чатыры тысячы восемсот літраў крыві.
Што вымушае мэдыкаў змагацца за донарскія льготы? Адказвае кіраўнік донарскай няўрадавай арганізацыі "Кропля жыцьця" Ігар Каваленка:
– Па-першае, яны самі донары. Па-другое, толькі мэдыкам вядома, чаго вартая праца донараў.
Дык чаму мэдыкам проста не казаць пра гэта? Працягвае спадар Каваленка:
– Яны баяцца за сваю працу, за сваю сям’ю й таму ухіляюцца ад шчырага адказу.
Ігар Каваленка, кажа, што калі б не ўдалося адстаяць бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце для донараў у Магілёве, наўрад ці бабруйскія й горацкія мэдыкі наважыліся б патрабаваць таго ж для сваіх донараў.
У Магілёве донары пачалі бараніць свае льготы яшчэ леташнім траўнем. У чэрвені група іх праводзіла тыднёвы папераджальны страйк.
Донарам удалося захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пэнсіі, магчымасьць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах гораду.
Донараў усё ж пазбавілі дзьвюх важных кампэнсацыяў: пяцідзесяціпрацэнтнай зьніжкі на набыцьцё мэдычных прэпаратаў і бясплатнага пратэзаваньня зубоў.
Алесь Асіпцоў