Аляксандр Чыгір будзе звяртацца ў Вярхоўны суд
Магілёўскі абласны суд пакінуў без змен пастанову Бабруйскага раённага суду ў дачыненні палітыка Аляксандра Чыгіра. Палітык па-ранейшаму лічыцца вінаватым у здзяйсненні дробнага хуліганства, непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі і пашкоджанні транспартнага сродку - аўтамабіля таксі.
Па словах адваката А.Чыгіра Мар'яны Сямешка, суд не вывучыў належным чынам акалічнасцяў, пры якіх яе падабаронным было нібы здзейснена правапарушэнне. Яна прывяла прыклады шматлікіх парушэнняў адміністрацыйнага заканадаўства, афармленні міліцыянерамі пратаколаў апытанняў сведак і пацярпелых, а таксама пратаколаў затрымання. Так, напрыклад, пратакол апытання таксіста Сяргея Касіловіча, які даў падставу для судовага пераследу палітыка, участковы Тоўсцік афармляў за паўгадзіны да затрымання Аляксандра Чыгіра. Што датычыцца высвятлення фактаў пашкоджання транспартнага сродку, то яны, па словах адваката, не былі раследваны, як таго патрабуе заканадаўства.
Адвакат прапанавала адмяніць пастанову Бабруйскага раённага суду і накіраваць справу на даследванне. Але суддзя не ўлічыў заўваг прадстаўніцы абароны і пакінуў у сіле пастанова свайго бабруйскага калегі Аляксея Клімава. 28 ліпеня гэты суддзя прысудзіў Аляксандра Чыгіра да дзесяці суткак адміністрацыйнага арышту і аштрафаваў на 2 млн. 270 тыс. рублёў.
Аляксандр Чыгір мае намер абскардзіць пастанову Магілёўскага абласнога суду ў Вярхоўным судзе Беларусі.
"На мяне аказваецца жудасны ціск, - распавядае Аляксандр. - Гэта пагрозы мне і маім блізкім, амаль штодзённыя позвы, пачынаючы ваенкамата і сканчаючы камітэтам фінансавых расследаванняў. Адназначна - гэта звязана з маёй грамадскай і палітычнай пазіцыяй. Перамагаць у гэтай сітуацыі можна толькі ў тым выпадку, калі будзеш ісці да апошняга. Гэта азначае, што я прайду ўсю гэтую выбарную кампанію цалкам і буду абараняць сапраўдныя вынікі гэтых выбараў".
Бабруйск: рэгіянальны партал. Па матэрыялах БелаПАН