Фінансавы крызіс б'е па “Беларусьгуматэхніке”
У прыватнай размове супрацоўнікі бабруйскага прадпрыемства “Беларусьгуматэхніка” паведамілі, што праблемы пачаліся яшчэ на пачатку месяца.
З-за немагчымасці закупкі сыравіны некаторыя цэхі прадпрыемства ў пачатку лістапада мелі тыдзень вольны ад працы. Пасля работнікам паведамілі пра перавод на 4-х дзённы працоўны тыдзень.
Асноўнай праблемай прадпрыемства з’яўляецца затрымка аплаты за пастаўленую прадукцыю буйнейшымі пакупнікамі прадукцыі: Мінскім трактарным заводам, Мінскім аўтамабільным заводам і жодзінскім БелАЗам. Менавіта з гэтай прычыны прадпрыемства вымушанае было скараціць працоўны тыдзень да чатырох дзён.
У плане на наступны месяц застаецца чатырохдзённы працоўны тыдзень.
Гэта пацвердзілі і ў кіраўніцтве прадпрыемства:
- У нас план на снежань пакуль чатырохдзёнка. Гэта звязана з фінансавым крызісам, мы залежым ад вялікіх прадпрыемстваў, ім ня плацяць грошы і яны нам на плацяць.
Пакуль што прадпрыемства працуе ў абмежаваным рэжыме, але калі сітуацыя застанецца ранейшай, не выключаецца пераход і на трохдённы працоўны тыдзень, альбо нават часовае спыненне вытворчасці.
Крыніца: Радыё Рацыя