Малады фронт” заклікае байкатаваць парламенцкія выбары
“Малады фронт” заявіў сёння, што далучаецца да кампаніі па байкоце восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў і заклікае беларускіх грамадзянаў галасаваць толькі на цэнтральнай плошчы Беларусі, на плошчы Каліноўскага.
”Яшчэ не стартавала парламенцкая кампанія, а будучыя “выбары” ўсё болей і болей нагадваць гульню аднаго акцёра. Да галасавання болей за чатыры месяцы, а старшыня ЦВК Беларусі, Лідзія Ярмошына ўжо заявіла аб тым, што не валодае паўнамоцтвамі ўвядзення прадстаўнікоў партыяў у выбарчыя камісіі; адміністрацыя ж прэзідэнта, у асобе Натальлі Пяткевіч, увогуле сведаміла, што не будзе нават дыялог весці з апазіцыяй па пытанні выбараў. Непрыхаваны фарс сведчыць аб тым, што ўлада не збіраецца лібералізаваць выбарчае заканадаўства і працэс галасавання.
Удзел у такіх “выбарах” ёсць не толькі немэтазгоднаю, але і абсурднаю справаю, якая адно дапаможа легітымізаваць самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі. Голас беларуса ўжо скрадзены. І Лукашэнка палічыць яго толькі ў адным выпадку. У выпадку, калі ўсе мы выйдзем на галоўную плошчу Беларусі, на плошчу Кастуся Каліноўскага”, - гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Крыніца: "Радыё Рацыя"