El Pais: Чавэс і Беларусь мелі ўзбройваць FARC
Згодна з інфармацыяй гішпанскай газэты, вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс спрабаваў узброіць калюмбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі. Гэтыя меркаваньні заснаваныя на дакумэнтах, знойдзеных у кампутары забітага FARCаўскага лідэра.
Вэнэсуэльскі прэзыдэнт Уга Чавэс, як мяркуецца, спрабаваў узброіць калюмбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі, – паведаміла ў суботу газэта El Pais, цытуючы дакуманты з кампутара забітага паўстанцкага лідэра.
Гішпанская газэта цытуе е-мэйл Івана Маркеса, лідэра Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі (FARC), датаваны 8 лютага, у якім гаворыцца, што Чавэс разглядаў зь беларускімі ўладамі магчымасьць прадстаўленьня зброі FARC.
Мяркуецца, што е-мэйл быў знойдзены ў здабытым кампутары намесьніка камандуючага FARC Рауля Рэеса, які быў забіты ў сакавіку, – піша El Pais.
У часткова закадаваным пасланьні ўзгадваўся нехта азначаны толькі як «беларускі сябар».
Газэта цытуе часткова закадаваны ліст, датаваны 8 лютага: «Беларускі сябар прапанаваў рэалізаваць пакет на чорным рынку, каб пазьбегчы праблемаў. 17-га гэтага месяца у Каракас прыедзе высокі прадстаўнік гэтага сябра, каб удакладніць сьпіс. Анёл папрасіў нас прысутнічаць, каб мы асабіста сустрэліся з дэлегатам. Гэта вельмі важна».
«Анёла» газэта расшыфроўвае як Чавэса. «Прадстаўніком сябра» жа лічыць Віктара Шэймана. «Шэйман быў адным з тых, хто прабіваў падпісаныя летась кантракты на пастаўку зброі ў Вэнэсуэлу на 720 млн эўра», — піша газэта.
Нагадаем, што 15—19 лютага адбыўся афіцыйны візыт у Вэнэсуэлу беларускай дэлегацыі на чале зь дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Віктарам Шэйманам.
El Pais дадала, што ў кампутарных пасланьнях узгадваліся іншыя магчымыя крыніцы паставак зброі (у прыватнасьці, ракетаў зямля-паветра) для FARC.
Прэзыдэнты Вэнэсуэлы і Эквадору, што прыйшлі да ўлады на хвалі антыамэрыканскага папулізму, здаўна ненавідзяць прэзыдэнта Калюмбіі — вернага саюзьніка ЗША, які абапіраецца на дапамогу Вашынгтону ў барацьбе супраць наркамафіі і партызанкі.
Вайна ў Калюмбіі спрыяе росту цэнаў на нафту ў сьвеце.
Вэнэсуэла настойвае, што файлы, здабытыя Калюмбіяй пасьля таго, як яна атакавала паўстанцкі лягер у Эквадоры, фальшывыя.
Крыніца: "Наша Ніва"