А. Сцепанян: Заўтра расійскія танкі могуць стаяць і ў вашых гарадах
Сёння Расія прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Прадстаўнікі грузінскіх уладаў назвалі гэты крок "анексіяй Масквой грузінскай тэрыторыі". ЗША, ЕС і АБСЕ падтрымалі тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі. Пра цяперашнюю сітуацыю ў Грузіі ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавядае Арнольд Сцепанян, старшыня праўлення Агульнаграмадзянскага руху "Шматнацыянальная Грузія", які аб'ядноўвае 56 арганізацый этнічных меншасцяў гэтай краіны.
"Людзі чакалі, што Расія зробіць такі крок, - распавядае Арнольд Сцепанян. - Хаця ў глыбіні душы спадзяваліся, што праваслаўны сусед не зробіць гэтага з маленькай краінай, якая выбрала адрозны ад развіцця расійскіх уладаў курс, выбрала курс дэмакратычнага развіцця, арыентацыі на заходнія дэмакратычныя каштоўнасці".
Кіраўнік руху "Шматнацыянальная Грузія" кажа, што дзеянні Расіі знішчылі ўсе сімпатыі грузін да гэтай краіны, якія існавалі раней.
Арнольд Сцепанян: "Калі да ўварвання ў Грузію было 30% насельніцтва нашай краіны, якое так ці інакш у палітычных ці эканамічных адносінах арыентавалася на Расію, дык сёння немагчыма знайсці нават аднаго чалавека, які б сказаў, што хоча будаваць сваю будучыню ў сяброўстве з Расіяй".
За тыдзень у Грузіі з'явілася каля 120 тысяч уцекачоў, гэта каля 3% насельніцтва краіны. Сцепанян кажа, што яны жывуць у жахлівых умовах. Доступ да гуманітарных грузаў абмежаваны расійскімі войскамі і іх можна атрымаць толькі паветраным шляхам. Дзесяткі тысяч чалавек цяпер вяртаюцца ў горад Горы, але ён разбураны расійскай авіяцыяй...
Арнольд Сцепанян спадзяецца, што ў такой сітуацыі грузінскі ўрад устрымаецца ад далейшай эскалацыі канфлікта і перавядзе яго "ў дыпламатычную плоскаць". "Прынамсі людзі не будуць паміраць", - кажа грамадскі дзеяч.
Сцепанян лічыць, што не толькі Грузія цяпер у небяспецы, але і іншыя краіны Еўропы таксама мусяць задумацца пра тое, што адбываецца:
"Я не ўпэўнены, што расійская акупацыйная армія не зробіць крокаў да далейшай эскалацыі як у Грузіі, так і ў іншых частках Еўропы. На жаль, Расію акружаюць маленькія еўрапейскія краіны і ў іх няма абсалютна ніякай гарантыі таго, што заўтра расійскія танкі не будуць стаяць у іх гарадах".
"Еўрарадыё"
Каментары
лес
Украина ещё сможет отбится, но мы - ? 20:09, 26/08/2008