Сёння БАТЭ — «Леўскі»
Сёння на барысаўскім гарадзкім стадыёне пройдзе гульня ў адказ 3‑га раўнду Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і сафійскім «Леўскім». Трансьляцыя на тэлеканале «Лад». Пачатак а 18:55.
У першым матчы два тыдні таму барысаўскі клюб у гасьцях выйграў 1:0, і цяпер падапечным Віктара Ганчарэнкі дастаткова не прайграць.
І БАТЭ, і «Леўскі» настроены па‑баявому. Галоўны трэнер баўгараў Эміл Велеў заявіў, што ягоны клюб выйграе і трапіць у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў.
Ніводзін беларускі клюб яшчэ не выступаў у групавым турніры.
Лёсаваньне груповага турніру пройдзе ў гэты чацьвер у Монтэ‑Карла. Жывая трансьляцыя на 19‑й на канале Эўраспорт.
Калі ў групавы турнір трапіць БАТЭ, то барысаўскі клюб будзе пасеяны ў чацьвертым кошыку. Гэта значыць, што да яго ў групу трапіць па адным клюбе з першага, другога, трэцяга кошыку.
У першым кошыку - пераможца мінулай Лігі чэмпіёнаў «Манчэстар Юнайтэд», «Чэлсі», «Арсэнал», «Лівэрпуль», «Рэал», «Барсэлёна», «Інтэр», «Ліён».
Гэта азначае, што нехта з гэтых каманд можа прыехаць у Мінск. Натуральна, калі БАТЭ праб'ецца ў групавы турнір.
У другім кошыку, сярод іншых, «Баварыя», ПСВ, «Рома», «Ювэнтус», «Порту» ды інш.
Выхад у фінальную стадыю Лігі чэмпіёнаў — гэта мара футбалістаў і клюбаў, якім гэта дае шанец на мільённыя кантракты, і мроя аматараў футболу, якія прагнуць пабачыць у Мінску экстраклюбы.